МАРЫЯ СЦЮ́АРТ (Mary Stuart; 7 ці 8.12.1542, г. Лінлітгаў, Вялікабрытанія — 8.2.1587),

каралева Шатландыі [з 1542, фактычна ў 1561—67] і Францыі (1559—60]. Дачка Якава V Шатландскага і Марыі Гіз (рэгентша ў час маленства М.С.). У 1548—61 жыла ў Францыі, з 1558 жонка франц. дафіна (з 1559 кароль Францыск II), пасля смерці якога ў 1561 вярнулася ў Шатландыю. Як праўнучка Генрыха VII (гл. Генрых, англ. каралі) прэтэндавала на англ. прастол. Апіралася на шатл. католікаў, што выклікала ў 1567 паўстанне шатл. кальвінісцкай знаці. Абвінавачаная ў саўдзеле ў забойстве свайго другога мужа лорда Дарнлі ў 1567 адраклася ад прастола на карысць сына (шатл. кароль Якаў VI; з 1603 англ. кароль Якаў I), у 1568 эмігрыравала ў Англію, дзе паводле загаду Лізаветы I была зняволена. Праз 19 гадоў абвінавачана ў падрыхтоўцы шэрагу змоў католікаў супраць Лізаветы, асуджана і пакарана смерцю. Трагічнаму лёсу М.С. прысвечаны літ. творы В.​Альф’еры, Ф.​Шылера, Ю.​Славацкага, С.​Цвэйга і інш.

Літ.:

Биркин К. Временщики и фаворитки XVI, XVII и XVIII столетий. М., 1992. Т. 1. С. 331—371;

Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)